Пра развіццё спартыўнай сферы разважае Валяр’ян Валадзько

Астраўчанін Валяр’ян Валадзько з дзяцінства захапляўся і займаўся спортам. Адначасова ён меў магчымасць назіраць, як з гадамі змяняецца і развіваецца гэта галіна ў нашым раёне, а пазней і сам удзельнічаў у працэсе. Таму сёння можа разважаць аб гэтым не толькі як дырэктар Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба, але як звычайны чалавек і жыхар горада, нераўнадушны да таго, што і як адбываецца на яго радзіме.


– Я родам з Кемелішак, заканчваў мясцовую сярэднюю школу і доб­ра памятаю, як мы займаліся фізкультурай на тагачасным стадыёне. Тады нам здавалася, што гэта нармальная база – умовы былі амаль усюды аднолькавымі. Зараз у Кемелішках іншая, добраўпарадкаваная спартыўная пляцоўка. Пра гарадскія школы наогул асобная размова – пра такія стадыёны, баскетбольныя, міні-футбольныя і іншыя пляцоўкі калісьці і марыць не маглі. Канешне, Астраўцу пашанцавала, што на тэрыторыі раёна было вырашана будаваць Беларускую атамную элект­растанцыю. Аднак я памятаю, як прыйшоў у 2010 годзе працаваць у фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Старт», які рэканструявалі з закінутага памяшкання завода «Радыёдэталь». Там размясцілася, лічы, першая трэнажорная зала райцэнтра – і яна карысталася папулярнасцю. А Гервяцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс! Усе маштабныя раённыя спартыўныя спаборніцтвы праводзілі менавіта там – насычана і цікава. Такім чынам, спартыўная сфера развівалася на Астравеччыне заўсёды. А з будаўніцтвам Беларускай АЭС атрымала такія магчымасці і дзяржаўную падтрымку, што стала рухацца наперад сямімільнымі крокамі. Сапраўдны спартыўны гарадок ля гімназіі №1, першы фізкультурна-аздараўленчы комп­лекс з басейнам, рэканструкцыя гарадского стадыёна, САК «Імпульс», лядовая пляцоўка, варкаўты ў кожным мікрараёне. Многія гарады зайздросцяць – і гэта нядзіўна, бо нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Цяпер Астравец можна смела лічыць сталіцай здаровага ладу жыцця.

Дарэчы, я рады такому развіццю не толькі як работнік гэтай галіны, але і як бацька дваіх дзяцей, якія могуць наведваць некалькі спартыўных секцый, хадзіць у басейн ці бегаць на стадыёне. Дзяржаўная палітыка накіравана на выхаванне фізічна актыўнай і здаровай нацыі – і мы рухаемся ў правільным накірунку.

Текст: Марина Гавдурович
Фото: Марина Гавдурович, из архива